ВІТАЛЬ ГУРКОЎ — БАЕЦ У СНЭПБЭКУ

. Количество просмотров: 1316
ВІТАЛЬ ГУРКОЎ — БАЕЦ У СНЭПБЭКУ

Адзінаццаціразовы чэмпіён свету па муай-тай і вакаліст групы Bruttо Віталь Гуркоў скептычна ставіцца да фэшн-індустрыі. Аднак нядрэнна разбіраецца ў брэндах і модных тэндэнцыях. Хто такі «фэшн-туфель», каму апроч гопнікаў з раёна цікавы спартовы стыль і як даглядаць за скурай, калі на ёй перыядычна з'яўляюцца сляды пабояў?

Свой стыль вызначыў бы як спартовы ці нязмушаны кэжуал. Калісці не любіў спартовыя строі і думаў, што ніколі не буду іх насіць, бо гэта для гопнікаў на раёне. Калі мяне больш зацягнула ў спорт і жыццё стала такое, што з трэніроўкі на трэніроўку, то трэба было апранаць нешта наўпрост зручнае. Не заўжды хапае часу падабраць тыя ж джынсы, кашулю і туфлі. А тут проста апрануў спартоўку, красоўкі і пайшоў. Тым больш час цяпер мяняецца, і той жа гопніцкі стайл перасэнсоўваюць розныя сусветныя дызайнеры. У Еўропе сутыкаўся з тусоўкамі, субкультурамі, дзе карыстаюцца гопніцкай класікай. Тыя ж габеры ці рэйверская субкультура. Канечне, без перагібаў, без спартштаноў пад туфлі, напрыклад. 

У «Фэйсбуку» патрапілася відэа, дзе чэхі выйшлі на плошчу, апранутыя як гапары. Так яны высмейвалі стэрэатыпы, якія існуюць наконт усходнееўрапейцаў. Але гэты сцёб не вельмі далёкі ад таго, што насамрэч адбываецца ў маленькіх гарадах ці ў глыбінцы. 

Любімыя брэнды 

Мне падабаецца Fred Perry, Le Coq Sportif, Nike Jordan. Набываю зазвычай усё за мяжой, калі бываю на спаборніцтвах ці на гастролях. Шмат чаго прывёз з Амерыкі, з Тайланда. 
З беларускіх брэндаў амаль нічога не набываю, але акурат зараз на мне навагодні падарунак каханай дзяўчыны — світшот з бусламі ад Вольгі Кардаш. 

Кепкі

Вельмі люблю снэпбэкі. У мяне іх шмат: недзе каля 20-ці. Але не кожны з іх мне падыдзе, бо памер маёй галавы не вельмі вялікі. 

Гэта плюс для мяне як баксёра, але ў снэпбэках звычайна я тану і падабраць іх даволі цяжка. Не люблю, калі вельмі вялікі казырок. Падабаюцца больш андэграўндныя вытворцы. Напрыклад, фiрма Salem, якую стварылі штатаўскія татуіроўшчыкі, альбо Wicked Оne — малады французскі брэнд, які робіць streetwear. 

Сумкі 

Сумак у мяне таксама шмат. Амаль усе яны вялікія: для выезду на зборы, у розныя паездкі.Часта, калі хто з маіх сяброў ці сваякоў едзе ў адпачынак і ім патрэбна вялікая торба, то звяртаюцца да мяне. Калі называць брэнды, то гэта ў першую чаргу Everlast — баксёрскія сумкі, Timberland — змяшчальныя валізы на колах, вельмі зручныя для падарожжаў. 

Акуляры 

Свае першыя акуляры я набыў на рынку «Дынама». Такія спартовачкі, як іх называлі. Зараз модна штосці кшталту Ray-Ban альбо акуляры-кропелькі. У мяне такіх няма. У Штатах набыў сабе Locs, ажно дзве пары. Па стылю яны выглядаюць з ухілам у спартовы бок, хаця вельмі папулярны ў мексіканскіх гангстэраў. 

Гадзіннік і ўпрыгожанні 

Я набыў яшчэ 10 год таму ў Тайландзе круты гадзіннік Breitling. Ён выглядае як сапраўдны за 2 тысячы долараў, а каштуе толькі 30. Апранаў яго на трэцім курсе ўнівера, а зараз гэты гадзіннік ляжыць недзе дома. 

З упрыгожанняў насіў толькі ланцужкі. Прычым мог адначасова насіць на іх і крыжык, і будысцкі амулет, які мне падаравалі ў тайландскім храме. Успрымаю гэтыя рэчы як антэны для сувязі з космасам. Пэўны час насіў спецыяльны амулет з рунай, які падараваў мне блізкі чалавек, якога ўжо няма ў жывых. Не ведаю, што ён азначае, але таямнічую моц яўна меў. 

Але ўжо гады чатыры не нашу ўвогуле нічога, ніякіх ланцужкоў, ні бранзалетаў, бо іх досыць лёгка забыць ў зале падчас шматлікіх трэніровак. 

Барбершопы 

Ва Украіне хажу ў Chop-Chop — гэта вядомае сеціва мужчынскіх цырульняў. У нас, мабыць, паўсюль быў: у Firm, Gun, у тым жа мінскім Chop-Chop. Ёсць у мяне знаёмы, круты барбер, які робіць усё гэта дома ў сябе. Цікава, што апошнім разам стрыгла мяне дзяўчына, хаця гэта лічыцца выключна мужчынскім заняткам. Калі б я распавёў свайму сябру барберу з Кіева, што ў нас у барбершопе працуюць дзяўчыны, то ён сказаў бы, што гэта не «по понятиям». 

Дагляд за скурай 

Дагляд такі, што перад моцнымі спарынгавымі трэніроўкамі мажу твар касметычным вазелінам, проста каб не лопнула скура і не было рассячэнняў, калі ўдар трапіць пад вока. Ад гематом добра ратуюць лёд і мазі на гепарынавай аснове. 

Да моды стаўлюся спакойна, без фанатызму, бо тут лёгка перабраць.Як казаў мой кіеўскі сябар, калі бачыў кагосці пафасна апранутага альбо ў занадта модных рэчах: «Глядзі, які фэшн-туфель!».

Крыніца: fashionbank.by

Похожие новости